Беларусь: мілітарызацыя дзяцей і падлеткаў

У адным з нашых папярэдніх аналізаў мы закранулі тэму саветызацыі беларускіх школ, якія апошнім часам часцяком пераназываюць у гонар савецкіх герояў. Гэтая тэндэнцыя ўзнікла на фоне яшчэ больш трывожнага новаўвядзення ў беларускай сістэме адукацыі — уцягвання непаўналетніх у вайсковую актыўнасць і нагнятання падазронасці і недаверу.

«Вайскова-патрыятычнае выхаванне» у школах у савецкім стылі

У верасні 2021 года, разам з узмацненнем рэпрэсій, рэжым увёў у беларускіх школах новую выкладчыцкую пасаду — кіраўнік па «вайскова-патрыятычным выхаванні». Гэтая пасада, якую часта займаюць адстаўныя афіцэры, нагадвае школьную дапрызыўную падрыхтоўку ў савецкія часы. Паведамляецца, што ў сакавіку 2023 года 93 працэнты сярэдніх школ і 52 працэнты каледжаў мелі такіх кіраўнікоў.

У сваім выступленні на рэспубліканскім семінары намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай назваў нанятых на гэтую пасаду кіраўнікоў «праваднікамі дзяржаўнай ідэалогіі», а патрыятычнае выхаванне — «найважнейшым і вельмі вострым зараз напрамкам».

У красавіку 2023 года міністр адукацыі Андрэй Іванец таксама заклікаў зрабіць суботы днямі «патрыятычнага выхавання» і «гістарычнай спадчыны» ў школах. На ўроках гісторыі ў беларускіх школах зараз падрабязней за ўсё вывучаюць перыяды Савецкага Саюза і Расійскай Імперыі. Пуцін у Маскве, відаць, з задавальненнем назірае за тым, як ідэалагічная апрацоўка гістарычнай свядомасці беларусаў капіруе яго ўласны праект.

Уведзены новы школьны курс па падрыхтоўцы перакладчыкаў, якія будуць дапытваць патэнцыйных англамоўных ваеннапалонных

У студзені 2024 года Міністэрства адукацыі Беларусі апублікавала вучэбную праграму па «Вайсковым перакладзе» — новаму факультатыву для вучняў дзясятых і адзінаццатых класаў. Гэты курс ёсць складовай часткай прадмета «Англійская мова» і ўключае 69 навучальных гадзін. Сярод мэтаў курса — навучыць школьнікаў перакладаць «гутаркі з ваеннапалоннымі або допыты ваеннапалонных» і «вызначаць па знаках адрознення вайскоўцаў Узброеных сіл ЗША і Вялікабрытаніі».

Так, рыторыка 30-гадовага рэжыму Лукашэнкі заўсёды была варожай у адносінах да Захаду, але канкрэтна гэтая апантанасць супрацьстаяннем ЗША, Вялікабрытаніі і так званым «англасаксам» з’явілася нядаўна. Пры гэтым яна сугучная з тэндэнцыяй, што пераважае ў расійскіх федэральных і пракрамлёўскіх СМІ.

Улады часта абапіраюць дзяржаўнае ідэалагічнае «выхаванне» дзяцей у Беларусі на антызаходнія і антысучасныя настроі. Апошнім часам дзяржаўныя прапагандысты называюць святкаванне Хэлоўіна «распуснымі праявамі Захаду». У адной з чарговых праграм «Нядзельная пропаведзь» на дзяржаўным тэлеканале праваслаўны святар раскрытыкаваў сучасныя цацкі і пахваліў вяртанне да «гістарычных традыцый славянскіх цацак» як сродку абароны дзяцей ад бяздушнасці. «Сучасная гульнявая цывілізацыя, па сутнасці сваёй, — праява неапаганства, у цэнтры якога стаіць абагаўленне ўсялякіх куміраў і ўласных жарсцей», — сказаў вядучы. Раней ён заявіў, што канструктары Lego [гандлёвы знак дацкага вытворцы цацак, якія стымулююць творчае развіццё дзіцяці] правакуюць у дзяцей агрэсію.

«Вайскова-патрыятычныя клубы» для дзяцей

Акрамя школьных заняткаў па «вайскова-патрыятычным выхаванні», з 2022 года частка школьнікаў усё актыўней прыцягваецца да яшчэ больш шырокай і комплекснай ідэалагічнай і вайсковай падрыхтоўкі праз так званыя «вайскова-патрыятычныя клубы». Першы такі клуб з’явіўся ў кастрычніку 2021 года за некалькі месяцаў да таго, як Лукашэнка ў траўні 2022 года падпісаў указ, які рэгулюе стварэнне і функцыянаванне такіх устаноў.

Гэтыя клубы належаць падраздзяленням унутраных войскаў, арміі і іншым сілавым структурам ці Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, якія фармуюць праграму іх дзейнасці. Зараз больш за 54 дзеючыя клубы навучаюць болей чым 3000 дзяцей стральбе, аказанню першай медыцынскай дапамогі, рукапашнаму бою і нават атакам на танк, які праехаў праз акоп, з дапамогай вучэбнай ручной гранаты.

У рэпартажы тэлеканала СТБ за студзень 2023 года пра трохдзённае знаходжанне ў адным з такіх клубаў падкрэслівалася выснова: «Незабыўныя ўражанні, новыя сябры і карысны вопыт — вось тое, што хлопцы атрымліваюць тут усяго за некалькі дзён».

Тут відавочнае падабенства з арганізацыямі ДТСААФ, якія існавалі ў Савецкім Саюзе і зноў з’явіліся ў пуцінскай Расіі, дзе моладзь заахвочваюць вывучаць базавыя ваенныя навыкі, дысцыпліны і любіць узброеныя сілы.

Здымак экрана з рэпартажу тэлеканала «Беларусь 1» пра ваенны клуб для дзяцей і падлеткаў

У рэпартажы дзяржаўнага тэлеканала за кастрычнік 2022 года апісваліся вынікі «патрыятычнага выхавання» ў першым беларускім «вайскова-патрыятычным клубе» такога кшталту. У рэпартажы, прынагоджаным да першага юбілею клуба, паказваліся дзеці ў вайсковай форме, якія ўсхваляюць беларускага кіраўніка і пагражаюць яго палітычным апанентам. Яны на камеру казалі ці выкрыквалі такія лозунгі, як «У нас самы лепшы прэзідэнт», «Вораг не пройдзе», «Таварыш Прэзідэнт, мы не падвядзём», «Змагары, не спадзявайцеся» і іншыя. «Змагары» — зневажальны ярлык, які выкарыстоўвае дзяржаўная прапаганда для апісання палітычных апанентаў Лукашэнкі і беларусаў з дэмакратычнымі поглядамі.

Здымак экрана з рэпартажу тэлеканала СТБ пра адзін з «патрыятычных клубаў» у Маладзечне

Дзяржаўныя прапагандысты нават выказвалі ідэю гвалтоўнага адабрання дзяцей з сем’яў палітычных дысідэнтаў і іх змяшчэння ў «патрыятычныя клубы». Адзін з іх напісаў у сваім Telegram-канале ў маі 2023 года: «Самая трывалая сацыяльная база нашай дзяржавы — гэта дзеці святароў і супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. Таму, так, ідэю з выхаваннем сацыяльных сірот — а да гэтай катэгорыі сапраўды можна аднесці і дзяцей палітычных экстрэмістаў («змагароў») — у манастырах і вайскова-патрыятычных клубах лічу прадуктыўнай».

«Вайскова-патрыятычныя» школьныя класы

Акрамя з’яўлення дзясяткаў «патрыятычных клубаў» пры падраздзяленнях узброеных сіл і сіл бяспекі, у апошнія два гады хутка павялічваецца колькасць «вайскова-патрыятычных» класаў у школах. Вайскоўцы і прадстаўнікі розных сіл бяспекі час ад часу кантралююць сваіх падапечных. У пачатку 2022-2023 навучальнага года ў школах дзейнічала каля 80 «патрыятычных класаў». Да вясны 2023 года іх колькасць павялічылася ў 10 разоў. У кастрычніку 2023 года міністр адукацыі Андрэй Іванец заклікаў да канца 2023-2024 навучальнага года стварыць «вайскова-патрыятычныя» класы ў кожнай школе.

Здымак экрана з рэпартажу тэлеканала СТБ пра адкрыццё «вайскова-патрыятычнага» класа ў мінскай сярэдняй школе

Дзяржаўныя СМІ таксама працытавалі словы міністра Іванца пра тое, што «моладзь павінна разумець свой абавязак любіць і абараняць Радзіму». Дзяржаўны апарат жадае высветліць, наколькі сур’ёзна моладзь ставіцца да гэтага абавязку. У сакавіку 2023 года незалежныя беларускія СМІ паведамілі, што ўлады горада Брэста абавязалі студэнтаў каледжаў прайсці апытанне пад назвай «Гатовасць адстойваць інтарэсы Айчыны». Некаторыя з дзесяці пытанняў датычыліся вайны. Так, у падлеткаў пыталіся, ці гатовыя яны здзейсніць подзвіг «у імя Радзімы» і «стаць на абарону краіны ў выпадку нападу на яе».

Мікіта Рачылоўскі, старшыня дзяржаўнай маладзёжнай арганізацыі «Маладзёжны парламент», якая імкнецца прыцягнуць людзей ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, прадэманстраваў прыклад рыторыкі іншым лаялістам. У інтэрв’ю аднаму з ключавых дзяржаўных прапагандыстаў у 2023 годзе ён сказаў: «Калі трэба, я гатоў памерці за свайго прэзідэнта. І мае хлопцы таксама».

«Патрыятычныя цэнтры» ў дзіцячых садках

Але планы чыноўнікаў па мілітарызацыі дзяцей у Беларусі сягаюць яшчэ далей. У красавіку 2023 года дзяржаўныя СМІ асвятлялі візіт кіраўніка верхняй палаты беларускага парламента і паплечніцы Лукашэнкі Наталлі Качанавай у «патрыятычны цэнтр» дзіцячага садка ў невялікім беларускім гарадку. Качанава пахваліла гэтую ідэю і сказала: «Гэта вельмі правільнае рашэнне. Патрыятычнае выхаванне трэба пачынаць менавіта з ранняга, дашкольнага ўзросту. І хаця нехта кажа, што ў 3-4 гады яшчэ рана, а я лічу, што не рана».

У рамках так званых «патрыятычных мерапрыемстваў» прадстаўнікі пракуратуры перыядычна наведваюць дзіцячыя сады, дзе расказваюць дзецям пра ход расследавання «генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» [1941-1945 гг.]. Час пачатку гэтага расследавання (2020-2021 гады) дазваляе выказаць здагадку, што яно было накіравана на адцягненне ўвагі ад народных пратэстаў. Расследаванне выкарыстоўвалі ў прапагандысцкай спробе прыраўнаваць палітычных апанентаў Лукашэнкі да нацысцкіх злачынцаў.

Дзіцячыя ваенныя лагеры, «набліжаныя да баявых умоў»

За апошнія гады ўлады арганізавалі некалькі летніх «вайскова-патрыятычных» лагераў для моладзі. У сярэдзіне 2022 года дзейнічалі каля 150 такіх лагераў. Праз год Міністэрства адукацыі Беларусі пахвалілася тым, што па стане на лета 2023 года дзейнічалі 736 вайскова-патрыятычных лагераў для амаль 27 тысяч дзяцей, працавалі 2200 куратараў па «вайскова-патрыятычным выхаванні», а ў школы быў перададзены 191 інтэрактыўны стралковы трэнажор. Таксама дзецям выдаюцца тысячы процівагазаў, касцюмаў хімічнай абароны і іншая штодзённая салдацкая амуніцыя. Усё гэта становіцца сталай часткай трэніровак.

У кастрычніку 2023 года адміністрацыя Віцебскай вобласці Беларусі абвясціла пра намер стварыць «вайскова-патрыятычныя лагеры» для дзяцей у кожным з 21 раёнаў вобласці. «Наша задача заключаецца ў тым, каб у кожным раёне сумесна з сілавымі структурамі дзейнічаў мінімум адзін лагер [для дзяцей]. Па магчымасці, каб гэта былі кругласутачныя лагеры. Калі дзеці знаходзяцца ў абстаноўцы, набліжанай да палявых баявых умоў, з афіцэрамі, іх гэта выхоўвае», — сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома.

Брэсцкая вобласць агучыла аналагічныя амбіцыйныя планы на 2024 год. Гэта не пакідае сумневаў у тым, што ў бліжэйшы час такія мілітарысцкія дзіцячыя лагеры, хутчэй за ўсё, будуць створаны ў кожным з 118 раёнаў Беларусі.

Здымак экрана з рэпартажу тэлеканала «Беларусь 1» пра адзін з «вайскова-патрыятычных» клубаў

Лукашэнка: паглядзіце на мяне!

Каб пацвердзіць, што вайсковая падрыхтоўка дзяцей і падлеткаў — гэта нармальна, Лукашэнка распавёў пра сваю сям’ю. Падчас праверкі воінскай часці ў кастрычніку 2022 ён заявіў: «Кожны павінен умець ваяваць, кожны павінен умець страляць! У мяне і ў сям’і такі падыход, нягледзячы на тое, што я прэзідэнт. Мае дзеці — усе вайскоўцы, і нават малодшы. Яны рыхтуюцца абараняць сябе і не толькі сябе! Краіну трэба абараняць!»

Падчас летніх дэманстрацый 2020 года, 23 жніўня, Лукашэнка і яго тады яшчэ 15-гадовы сын Мікалай, абодва ўзброеныя аўтаматамі, інспектавалі тэрыторыю вакол прэзідэнцкага палаца ў Мінску і рабілі выгляд, што гатовыя супрацьстаяць мірным беларускім пратэстоўцам.

Уключэнне параноі ў школьную праграму

Такім чынам, «патрыятычнае выхаванне», якое ў апошні час навязваюць беларускім дзецям, мае на мэце атаясамліванне роднай краіны з кіраваннем Лукашэнкі і мае сваёй мэтай навучыць дзяцей і падлеткаў заўзята абараняць гэтае кіраванне як ад гіпатэтычнага знешняга ўварвання, так і ад законапаслухмяных унутраных апанентаў.

ПРАВАВАЯ АГАВОРКА

База даных EUvsDisinfo складаецца з паведамленняў у міжнароднай інфармацыйнай прасторы, якія даюць няпоўнае, скажонае або ілжывае ўяўленне аб рэчаіснасці і распаўсюджваюць ключавыя пракрамлёўскія ідэі. Аднак гэта не абавязкова азначае, што адпаведнае выданне звязана з Крамлём ці ягоная рэдакцыя з'яўляецца пракрамлёўскай або што яно наўмысна імкнулася дэзінфармаваць сваю публіку. Публікацыі EUvsDisinfo не адлюстроўваюць афіцыйную пазіцыю ЕС, паколькі інфармацыя і выказаныя меркаванні заснаваныя на паведамленнях СМІ і аналізе аператыўнай групы East Stratcom.

    %s

      ПАДЗЯЛІЦЕСЯ З НАМІ СВАІМ ВОДГУКАМ

      Інфармацыя аб абароне даных *

        Subscribe to the Disinfo Review

        Your weekly update on pro-Kremlin disinformation

        Data Protection Information *

        The Disinformation Review is sent through Mailchimp.com. See Mailchimp’s privacy policy and find out more on how EEAS protects your personal data.

        🎵 Playlist