17 верасня ў лукашэнкаўскай Беларусі: мілітарысцкая рыторыка ў стылі СССР і дэманізацыя Польшчы
У 2021 годзе рэжым Лукашэнкі ўвёў новае дзяржаўнае свята — «Дзень народнага адзінства», якое адзначаецца 17 верасня. Выкарыстоўваючы ўсю моц сваёй прапаганды, рэжым імкнецца абысці маўчаннем той факт, што гэты дзень вядомы ў першую чаргу як гадавіна савецкага нападу на Польшчу ў 1939 годзе, які быў запланаваны супольна з нацысцкай Германіяй пасля падпісання пакта Молатава-Рыбентропа ў жніўні 1939 года.
Напад 17 верасня адбыўся, калі Польшча змагалася з уварваннем нацысцкай Германіі з захаду, якое адбылося ўсяго за некалькі тыдняў да таго, 1 верасня 1939 года. Гэта акалічнасць робіць 17 верасня вельмі асаблівай датай і выклікае моцныя пачуцці ў Польшчы і па ўсёй Еўропе. Лукашэнка высока ацаніў рашэнне Сталіна павялічыць тэрыторыю Беларускай Савецкай Рэспублікі шляхам інтэграцыі рэгіёнаў, якія сталі часткай Польшчы згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года. Абвяшчаючы пра ўвядзенне новага дзяржаўнага свята, Лукашэнка заявіў: …. Адноўленае ў 1939 годзе адзінства дапамагло Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны. …
У Мінску і іншых гарадах улады зараз размяшчаюць афіцыйныя банеры, арганізуюць канцэрты і «патрыятычныя акцыі». Чакаецца, што Лукашэнка выступіць з прамовай, але пра гэта пакуль не абвешчана.
Нелегальныя мігранты як інструмент ціску на ЕС
У канцы жніўня 2023 года міністэрствы ўнутраных спраў Польшчы і краін Балтыі правялі кансультацыі па супрацоўніцтве ў сферы бяспекі і сітуацыі ў Беларусі. Яны запатрабавалі ад беларускага боку выдварыць групу Вагнера са сваёй тэрыторыі, а таксама спыніць перавозку нелегальных мігрантаў і бежанцаў да межаў Беларусі і ЕС. Польская памежная служба паведаміла пра 20 700 спробаў перайсці мяжу з тэрыторыі Беларусі без дазволу ў студзені-жніўні 2023 года. Польшча папярэдзіла Беларусь, што ўсе яе памежныя пераходы з краінамі ЕС могуць быць зачынены, каб прадухіліць крытычныя інцыдэнты: стральбу і масавыя прарывы мігрантаў.
Лукашэнка адказаў, што будзе абмяркоўваць пытанне пра выдварэнне групы Вагнера толькі пасля таго, як замежныя салдаты пакінуць Польшчу і краіны Балтыі. Іншымі словамі, ён правёў паралель паміж наймітамі Вагнера і салдатамі НАТА, якія дзейнічаюць у краінах-партнёрах на падставе міжнародных пагадненняў. Лукашэнка таксама даручыў свайму прэм’ер-міністру пачаць перамовы з Польшчай. Нядаўна стала вядома, што наймітаў Вагнера ў Беларусі стала значна менш.
Ваяўнічая рыторыка Мінска
Беларускія арганізацыі наймаюць ідэолагаў, многія з якіх маюць досвед працы ў спецслужбах. Іх задача — падтрымліваць палітычную дысцыпліну і кантроль над рабочымі, а таксама прасоўваць наратывы рэжыму. Інструкцыя для ідэолагаў, апублікаваная ў жніўні 2023 года, загадвала ім распаўсюджваць сцвярджэнні пра агрэсію з боку заходніх дзяржаў на чале з ЗША, узмацненне мілітарызацыі Польшчы і краін Балтыі, а таксама прасоўваць лінію пра тое, што «ўкраінскі крызіс» быў справакаваны Захадам. У інструкцыі сцвярджалася, што існуе дадатковая пагроза ў выглядзе антыбеларускай інфармацыйнай кампаніі Захаду. Тон і канцэпцыя інструкцыі мелі шмат агульнага з класічным савецкім агітпропам.
Той жа дакумент абгрунтоўваў стварэнне народнага апалчэння ў Беларусі ў ліпені 2023 года, усхваляючы ролю, якую адыграла савецкае народнае апалчэнне падчас Другой сусветнай вайны. Гэта новая ваенізаваная структура ў Беларусі заклікана адыграць актыўную ролю ў «падтрыманні парадку» ў выпадку ўвядзення ваеннага становішча з прычыны гіпатэтычнай агрэсіі з боку Захаду.
Усхваленне ядзернай зброі…
Беларуская дзяржаўная прапаганда прадстаўляе Польшчу як галоўную, непасрэдную пагрозу, якая стаіць перад краінай, і ў той жа час імкнецца распаліць сярод беларусаў агульны страх перад так званай заходняй агрэсіяй. Дзяржаўныя тэлеканалы (гл. тут і тут) і пракрамлёўскія СМІ, якія дзейнічаюць у Беларусі (гл. тут і тут), сцвярджаюць, што Беларусь мае вострую патрэбу ў расійскай тактычнай ядзернай зброі для абароны ад агрэсіўнага Захаду, у прыватнасці ад Польшчы. Напрыклад, дзяржаўны тэлеканал «АНТ» заявіў, што размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі не дасць Польшчы ажыццявіць планы па анэксіі захаду краіны. Гэта беспадстаўная тэорыя аб планах Польшчы па захопе заходняй Беларусі і (ці) Украіны пастаянна выкарыстоўваецца, каб прасунуць дэзінфармацыйны наратыў аб «агрэсіўнай Польшчы», які, у сваю чаргу, служыць для заблытвання людзей і адцягнення іх увагі ад няспыннай расійскай агрэсіі супраць Украіны.
У рэпартажы на тэлеканале «Беларусь 1» ад 4 верасня 2023 года сцвярджалася, што размяшчэнне ядзернай зброі ў краіне будзе не адзіным адказам Мінска на «польскую мілітарызацыю». У ім заяўлялася: «Колькасць узброеных сіл Беларусі застаецца на ранейшай лічбе, але гэта не значыць, што мы сядзім на месцы і нічога не робім. Не. Народнае апалчэнне плюс войскі тэрытарыяльнай абароны — і вось ужо беларускае войска павялічваецца амаль у тры разы і аўтаматычна становіцца большым за польскае». У рэпартажы Польшча таксама прадстаўляецца як узрастальная ваенная пагроза для краін ЕС: «Еўропа і ЗША стварылі монстра на сваёй тэрыторыі. Але няўжо яны не разумеюць, што пагражаць такое войска [польскае] будзе не толькі Беларусі і Расіі, але ў першую чаргу і самой Еўропе? Германія і Чэхія, напэўна, забылі гісторыю. […] Яна паўтараецца і заканчваецца сумна для тых, хто не бярэ з яе ўрокаў».
…на фоне ўзмацнення ўнутраных рэпрэсій
Размовы пра вайну і канфлікт у Беларусі ідуць поплеч з рэпрэсіямі ўнутры краіны. Па стане на канец жніўня праваабаронцы паведамлялі, што ў беларускіх следчых ізалятарах і папраўчых установах утрымліваецца 1496 палітвязняў. Агулам са жніўня 2020 года, згодна з наяўнымі звесткамі, не менш за 4898 асоб сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным пераследам, і не менш за 3763 асобы былі асуджаны пасля ўзбуджэння палітычна матываваных крымінальных спраў. Як нам удалося зафіксаваць, колькасць гэтых выпадкаў не зніжаецца, а праваабаронцы рэгулярна выяўляюць і дакументуюць выпадкі катаванняў падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў. Раней мы паведамлялі пра рэпрэсіі ў Беларусі, накіраваныя супраць журналістаў, грамадзянскай супольнасці і насельніцтва ў цэлым — гл. тут і тут.
Назад у школу ці назад у СССР?

Лукашэнкаўская Беларусь ужо даўно вядомая сваім падабенствам з Савецкім Саюзам. За апошнія тры гады рэзка ўзмацнілася тэндэнцыя да ўслаўлення савецкага мінулага і маніпулявання гістарычнымі фактамі дзеля сённяшняй палітычнай выгады. Падаецца, што мэтавай аўдыторыяй гэтай ідэалагічнай маніпуляцыі з’яўляюцца і дзеці. Міністэрства адукацыі сумесна з Генеральнай пракуратурай падрыхтавалі тры віды падручнікаў па тэме «генацыд беларускага народа» падчас Другой сусветнай вайны для розных узроставых груп школьнікаў.
1 верасня 2023 года ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1», прысвечаным пачатку новага навучальнага года, міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец заявіў, што да 2027 года ўсе школьныя падручнікі будуць адрэдагаваны з мэтай «максімальна наблізіць іх да тых узораў, якія былі ў нас у савецкі час». Міністр раскрытыкаваў практыкаванне ў дзейным падручніку рускай мовы для другакласнікаў, у якім згадвалася «карта лясных эльфаў». «Для дзяцей, напэўна, гэта цікавае заданне, але якое дачыненне гэта мае да выхавання любові да Радзімы?», — запытаў Іванец. Паводле яго, савецкі падручнік 1982 года прапаноўваў значна больш карысных практыкаванняў, якія ўсхвалялі савецкую канстытуцыю і давалі разуменне таго, як працуе ўлада.
Рэжым Лукашэнкі «мабілізуе» гісторыю і мае вельмі прамы, падобны да савецкага інструментальны падыход да арганізацыі грамадства, асабліва для школьнікаў і студэнтаў. З нядаўняй заявы намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Ігара Луцкага: «Мы пачалі працаваць з моладдзю, падрастаючым пакаленнем. У нашых намаганнях данесці дзяржаўную пазіцыю мы імкнёмся ахапіць усе мэтавыя аўдыторыі. І ўсё, што добра для дзяржавы, добра для асобнага чалавека. Усё, што добра для чалавека, добра і для суверэнітэту».
Будучыня нашай краіны залежыць ад…. памяці пра СССР
За апошнія тры гады сотні школ па ўсёй Беларусі былі перайменаваны ў гонар савецкіх герояў, каб заахвоціць беларусаў шанаваць іх памяць. Сярэдняя школа №35 у горадзе Брэсце, напрыклад, была перайменавана ў гонар маршала СССР Канстанціна Ракасоўскага.
Наратыў аб генацыдзе з’явіўся ў 2021 годзе як частка прапагандысцкай кампаніі па дыскрэдытацыі народнага іншадумства. Відавочна, што ў самім абмеркаванні Другой сусветнай вайны са школьнікамі няма нічога дрэннага, улічваючы працяглы боль, які яна прычыніла беларускаму народу. Аднак нельга забываць пра кантэкст гэтага абмеркавання. Пасля буйнамаштабных пратэстаў 2020 года жорсткія і пастаянныя маніпуляцыі рэжыму з гісторыяй Другой сусветнай вайны ўключалі ў сябе правядзенне паралеляў паміж нацысцкай Германіяй і цяперашнімі заходнімі краінамі, у тым ліку ЕС, а таксама паміж нацысцкімі памагатымі і палітычнымі апанентамі рэжыму Лукашэнкі.
Сёння, калі Лукашэнка павялічвае моц сваёй прапаганды, мае сэнс ставіцца да 17 верасня як да нагоды ўзгадаць пра жахі рэпрэсіўнай таталітарнай сістэмы і працягнуць працу на карысць Еўропы.