Для афіцыйнага прызнання «ДНР/ЛНР» ім спатрэбілася нават гэта. Яшчэ больш правакацый для апраўдання ўварвання на Данбас.
Пасля нагнятання адчування надыходзячай вайны на Данбасе з імклівым павышэннем колькасці і рэзкасці паведамленняў пра вайну ў расійскіх дзяржаўных СМІ цяпер актыўна прасоўваецца імідж Расіі як збавіцеля. Малаколькасныя святкаванні ў гарадах Данбаса маштабуюцца і дэманструюцца як масавыя дзяржаўнымі СМІ і пракрамлёўскімі інфармацыйнымі агенцтвамі.

Крыніца: Расійскі Першы канал, 22 лютага
Правакацыі
Аперацыі, якія прыпісваюцца Украіне, але праводзяцца іншымі суб’ектамі або ўвогуле з’яўляюцца выдумкамі, становяцца яшчэ больш недарэчнымі і небяспечнымі.
Раніцай 21 лютага расійскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва ТАСС паведаміла, што Федэральная служба бяспекі Расіі (ФСБ) у Растоўскай вобласці заявіла пра атаку з украінскага боку на хацінку, якая служыла жылым блокам для памежнікаў у Растоўскай вобласці Расіі, што суседнічае з Украінай.
Каб зрабіць гэта паведамленне больш «пераканаўчым» і, верагодна, паскорыць распаўсюджванне на ключавых медыяплатформах, гісторыя суправаджалася кароткім 37-секундным відэа, на якім была паказана разбураная аддаленая занядбаная хатка.

Крыніца: ТАСС, 21 лютага
Чаму гэта амаль са стапрацэнтнай верагоднасцю няпраўда?
Гэта відэа з’яўляецца фактычнай ілюстрацыяй таго, што абстрэл з украінскага боку КРАЙНЕ МАЛАІМАВЕРНЫ.
- Хатка знаходзіцца ў аддаленым месцы.
- У хаце і вакол яе адсутнічае варонка.
- Невялікія дрэўцы і расліннасць навокал не маюць ніякіх слядоў трапляння снарада або карцечы.
- Толькі траплянне снарада пад вельмі вострым вуглом, амаль вертыкальнае, не прыводзіць да разбуральных наступстваў у наваколлі. Аднак прамое пападанне адным снарадам непраўдападобнае з улікам таго, што прыстрэлачны агонь не вёўся.
- Па ацэнках незалежных бакоў адлегласць паміж бліжэйшымі ўкраінскімі пазіцыямі і меркаваным месцам нібыта атакі складае каля 40 кіламетраў. Гэта патрабавала б непрамога буйнакалібернага агню (цяжкая артылерыя), у выніку якога засталіся б заўважныя сляды карцечы.
- КАЛІ, і толькі ў такім выпадку, мы дапусцім амаль вертыкальнае траплянне, комін і канструкцыя даху абваліліся б або мелі б сляды карцечы.
- Гэта жылое памяшканне расійскіх памежнікаў? Яно магло ім быць, але выглядае незанятым і непадобным на цэль для атакі. Тут цяжка знайсці сведчанні таго, што ў памяшканне рэгулярна нехта заходзіў і выходзіў з яго. Яно выглядае пакінутым і занядбаным.
Гэта нагадвае гісторыю расійскага дзяржаўнага 1-га тэлеканала ад 18 лютага пра стары ваенны джып на паркоўцы ў Данецку. І гэта хацінка, і джып выглядаюць хламам і могуць прадстаўляць каштоўнасць толькі ў выпадку падрыву для прапагандысцкіх мэт.
Можна працягваць пералік дзіўных паведамленняў пра меркаваныя ўдары цяжкай артылерыі: напрыклад, пра нібыта абстрэл школы ў Данецку. Аднак мы бачым толькі краі вялікай ямы ў зямлі. Мы не бачым усё наваколле. Яшчэ адна дзіўная рэч: – ці не выглядаюць дзіўнымі пашкоджанні сцен навокал? Калі б меў месца моцны выбух, то засталіся б больш заўважныя сляды.
Чаму гэта небяспечна?
Гэта небяспечна, таму што дзеянні Крамля ў апошні тыдзень і паведамленні расійскіх дзяржаўных СМІ сведчаць пра адчайны пошук «казус белі» (нагоды) для ваенных дзеянняў (гл. нашы артыкулы тут і тут). Абстрэл расійскай тэрыторыі з’яўляецца важкім фактарам у фармальных справах. Крэмль заўсёды намагаецца мець фармальныя нагоды, каб прыкрыць свае камбінацыі. Парламенцкія слуханні з прыняццем заканадаўчых актаў. Фармальныя акты сяброўства і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. Такія структуры былі задзейнічаны ў працэсах вакол ваеннага нападу на Грузію ў 2008 годзе і Крым у 2014 годзе.
Афіцыйнае прызнанне Расіяй тэрыторый згуляла тады важную ролю. Прызнаць «ДНР» і «ЛНР» было часткай рашэння Пуціна 21 лютага.
Цырымонія падпісання афіцыйнага прызнання выглядала вельмі падобна. Тут Крым у 2014 годзе. Тут учарашняе шоу.
У Грузіі ў 2008 годзе тагачасны прэзідэнт Мядзведзеў (і Пуцін у якасці прэм’ер-міністра) засяроджвалі вялікую ўвагу на меркаваным абстрэле Грузіяй расійскіх салдат, дыслацыраваных у Паўднёвай Асеціі ў якасці «міратворцаў». Па фармальных прыкметах можна прывесці шматлікія паралелі з сённяшняй абстаноўкай. Узброеныя баевікі, якія маюць падтрымку Масквы, заяўляюць аб выхадзе тэрыторыі са складу дзяржавы, але без афіцыйнай і адкрытай прысутнасці расійскага войска. Аднак схаваная прысутнасць такіх войскаў добра задакументаваная — гл. тут.
Бамбардзіроўка халупы ў Растове: Калі вы задасцеся пытаннем, ці можа гэта быць праўдай?
Перш чым адказаць, прыміце пад увагу наступную заяву Міністэрства абароны Расіі:
«Міністэрства абароны абвясціла аб знішчэнні двух браніраваных украінскіх БМП, атакуючых Растоўскую вобласць». Гл. расійскае дзяржаўнае агенцтва навін РИА Новости

Потым спытайце сябе. Якая праўдападобнасць таго, што невялічкая група ўкраінскіх сіл накіравала свае баявыя машыны праз лінію фронту ў Расію, у месцы з найвышэйшай канцэнтрацыяй расійскага войска? Усё гэта ў той час, як вярхоўны галоўнакамандуючы Украіны выключыў магчымасць любых наступальных аперацый. Гэта было б не толькі глупствам і, хутчэй за ўсё, суіцыдам, але і непадпарадкаваннем загадам вышэйшага кіраўніцтва.