«Процідзейнічаем бесперапынным дэзінфармацыйным кампаніям Расіі»: восем гадоў работы EUvsDisinfo
Гэта абноўленая і пашыраная версія артыкула EUvsDisinfo, упершыню апублікаванага ў красавіку 2020 года. Яго арыгінальны тэкст можна знайсці тут.
У гэтым артыкуле мы зноў запрашаем нашых чытачоў на экскурсію за кулісы вэб-сайта EUvsDisinfo. Мы разглядаем некаторыя ключавыя моманты нашай гісторыі на фоне новых пагроз, пачынаючы з агрэсіі Расіі супраць Украіны ў 2014 годзе і наступнага рашэння лідараў ЕС стварыць Аператыўную рабочую групу па стратэгічных камунікацыях (East StratCom Task Force). Мы аналізуем урокі, засвоеныя ў перыяд барацьбы з пандэміяй COVID-19 і асабліва з «інфадэміяй», якая суправаджала яе, а таксама нашы намаганні па процідзеянні расійскай дэзінфармацыі і маніпуляванню інфармацыяй у кантэксце жорсткага поўнамаштабнага ўварвання Крамля ва Украіну, якое пачалося ў лютым 2022 года. Па сутнасці, эвалюцыя EUvsDisinfo стала часткай больш маштабнай гісторыі — гісторыі ўзмацнення Еўрапейскім Саюзам рэагавання на пагрозы замежнага ўмяшання і маніпулявання інфармацыяй (FIMI).
Унікальны мандат
19 і 20 сакавіка 2015 года лідары тагачасных 28 краін-членаў ЕС сабраліся ў Бруселі. Адным з рашэнняў, якія ўдзельнікі гэтага саміту зафіксавалі ў пісьмовай форме, было наступнае:
Еўрапейская Рада падкрэсліла неабходнасць процідзеяння бясконцым кампаніям па дэзінфармацыі, якія праводзяцца Расіяй, і заклікала Вярхоўнага прадстаўніка ў супрацоўніцтве з краінамі-членамі і інстытутамі ЕС падрыхтаваць да чэрвеня план дзеянняў у сферы стратэгічнай камунікацыі. Стварэнне камунікацыйнай групы з’яўляецца першым крокам у гэтым напрамку.
Еўрапейскі Саюз на вышэйшым узроўні прыняў аднагалоснае рашэнне, у якім Расія ясна называецца крыніцай дэзінфармацыі. Згодна з гэтым рашэннем, 28 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў надалі структуры, якая ў далейшым стала Аператыўнай рабочай групай па стратэгічных камунікацыях (East StratCom Task Force), унікальны па сіле мандат на будучую работу. У наступныя гады ЕС пацвердзіў і ўзмацніў гэты мандат.
На базе аддзела стратэгічнай камунікацыі і аналізу інфармацыйнай прасторы ЕСЗС — дыпламатычнай службы ЕС — была створана экспертная група. Вы можаце даведацца больш пра дзейнасць Аператыўнай рабочай групы па стратэгічных камунікацыях і аналізе інфармацыйнай прасторы ЕСЗС тут.
Украіна — галоўная мішэнь расійскай дэзінфармацыі
Перш чым паглядзець, як ажыццявілі гэты палітычны мандат, варта згадаць, якая сітуацыя склалася ва ўсходняй частцы еўрапейскага кантынента ў той час.
У 2014 годзе — за год да стварэння Аператыўнай групы — еўрапейская краіна ўпершыню пасля Другой сусветнай вайны ўжыла ваенную сілу для нападу на суседа і захопу яго тэрыторыі: Расія незаконна анексавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Узброеныя сепаратысцкія групоўкі, якія падтрымліваліся Расіяй, таксама ўзялі пад кантроль частку ўсходняй Украіны, развязаўшы вайну, кульмінацыяй якой праз восем гадоў стала поўнамаштабнае ўварванне Расіі. У ліпені 2014 года сепаратысты пры расійскай падтрымцы расійскай ракетай збілі самалёт авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс MH17, з 298 пасажырамі, сярод якіх было 80 дзяцей і 196 грамадзян Нідэрландаў.
Гэтыя падзеі суправаджаліся маштабнай дэзінфармацыйнай кампаніяй. Вядучую ролю ў гэтай кампаніі адыграла адкрытая хлусня, якая распаўсюджвалася непасрэдна Крамлём і падтрымлівалася вялізнай экасістэмай дэзінфармацыі. Фактычна Крэмль ператварыў маніпуляванне інфармацыяй у геапалітычную зброю. Яго мэтай было, перш за ўсё, расхістаць і дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне, пасеяўшы сумнеў і замяшанне як на месцах, так і сярод міжнароднай супольнасці.

Выява, створаная на падставе артыкула EUvsDisinfo за 2021 год: Галоўная мішэнь дэзінфармацыі Крамля
| ПРАКРАМЛЁЎСКАЯ ДЭЗІНФАРМАЦЫЯ ПРА УКРАІНУ МАЕ МЭТУ… | ||
| ПЕРАД РАСІЙСКАЙ АЎДЫТОРЫЯЙ выявіць Украіну як ворага |
ПЕРАД УКРАІНСКАЙ АЎДЫТОРЫЯЙ раскалоць і дэстабілізаваць яе |
ПЕРАД МІЖНАРОДНАЙ АЎДЫТОРЫЯЙ легітымізаваць расійскую агрэсію |
Нядаўна мы сталі сведкамі таго, як пракрамлёўская дэзінфармацыя стварыла падставу для поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, (гл. таксама тут), забяспечыўшы ўнутраную падтрымку вайны і ўсё больш актыўна заклікаючы да здзяйснення зверстваў ва Украіне ды апраўдваючы іх. У той жа час пракрамлёўская экасістэма дэзінфармацыі пашырае свой уплыў на глабальную аўдыторыю, каб падарваць міжнародную падтрымку Украіны, спекулюючы на такіх тэмах, як харчовая і энергетычная бяспека.
Рэагаванне на дэзінфармацыю: кампаніі EUvsDisinfo па павышэнні дасведчанасці
EUvsDisinfo дае адказ на фундаментальнае пытанне, звязанае з палітычным мандатам ад лідараў ЕС: як процідзейнічаць дэзінфармацыі?
Дзейнасць вэб-сайта EUvsDisinfo і яго акаўнтаў у сацыяльных сетках грунтуецца на тым прынцыпе, што неабходным (але ўсё ж не адзіным[1]) элементам процідзеяння дэзінфармацыі з’яўляецца павышэнне дасведчанасці. Усведамленне таго, што не толькі Расія, але і іншыя замежныя суб’екты карыстаюцца дэзінфармацыяй як зброяй, уменне распазнаваць асноўныя спосабы распаўсюджвання дэзінфармацыі, веданне найбольш распаўсюджаных тактык і прыёмаў маніпулявання, разуменне асноўных прынцыпаў фактчэкінгу і праверкі інфармацыі (асабліва ў Інтэрнэце) робяць нас больш устойлівымі!
Мэта EUvsDisinfo — даць сваім чытачам ключавыя інструменты, якія дапамогуць ім развіць такую ўстойлівасць. Наш кантэнт даступны на некалькіх мовах, у прыватнасці на ўкраінскай, румынскай, рускай, нямецкай, польскай, французскай, італьянскай, іспанскай, грузінскай, армянскай, азербайджанскай, а шэраг матэрыялаў — і на кітайскай.
Цэнтральнае месца сярод гэтых інструментаў займае база даных EUvsDisinfo — агульнадаступнае сховішча больш за 15 000 прыкладаў пракрамлёўскай дэзінфармацыі, якое пастаянна расце. Гэтая база даных была створана ў канцы 2015 года. Кожны запіс у ёй з’яўляецца асобным прыкладам пракрамлёўскай дэзінфармацыі — гэта значыць дэзінфармацыі з крыніц, якія могуць быць звязаныя з крамлёўскай экасістэмай дэзінфармацыі, фінансавацца Крамлём, быць падкантрольнымі дзяржаве ці дэманстраваць маніпулятыўныя паводзіны ў Інтэрнеце. Нягледзячы на тое, што з дапамогай гэтай базы даных нельга атрымаць колькасныя паказчыкі дэзінфармацыі, яна дазваляе адсочваць тэндэнцыі і тэмы, якія Крэмль выкарыстоўвае для маніпулявання інфармацыяй, і вызначаць асноўныя кірункі дэзінфармацыі.
Напрыклад, база даных EUvsDisinfo наглядна дэманструе, што беспадстаўнае абвінавачванне Украіны ў тым, што яна нібыта з’яўляецца «нацысцкай дзяржавай», якое Крэмль выкарыстаў у якасці асноўнага апраўдання для поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе, — гэта даўні пракрамлёўскі дэзінфармацыйны наратыў. База даных змяшчае каля 600 запісаў пачынаючы з 2015 года, якія адкрыта абвінавачваюць Украіну ў тым, што яна з’яўляецца «нацысцкай» ці «фашысцкай» дзяржавай. Сапраўды, наратыў пра «нацыстаў», якія акружаюць Расію, з’яўляецца адным з ключавых пракрамлёўскіх дэзінфармацыйных наратываў нароўні з наступнымі: «эліты супраць народа», «каштоўнасці, якія знаходзяцца пад пагрозай», «страчаны суверэнітэт», «непазбежны крах» і «хахаганда». Вы зможаце даведацца больш пра іх на вэб-сайце EUvsDisinfo.
Зыходзячы з даных пастаяннага маніторынгу пракрамлёўскай экасістэмы дэзінфармацыі, EUvsDisinfo ўдалося стварыць шэраг агульнадаступных прадуктаў. У іх лік уваходзяць:
Агляд дэзінфармацыі — штотыднёвы інфармацыйны бюлетэнь, які асвятляе апошнія тэндэнцыі пракрамлёўскай дэзінфармацыі. Ён выходзіць анлайн кожны чацвер раніцай. Падпісацца на гэты бюлетэнь вы можаце тут.
Раздзел «НАВУЧАННЕ» — раздзел, які расказвае пра ключавыя інструменты выяўлення дэзінфармацыі і спосабы рэагавання на яе. З моманту свайго запуску ў 2015 годзе EUvsDisinfo стварыў каля 4000 адзінак кантэнту — артыкулаў, інтэрв’ю і эсэ, напісаных на 14 розных мовах. Ён змяшчае вялізны масіў інфармацыі! НАВУЧАННЕ — гэта ўніверсальны рэсурс, які дапамагае разабрацца ў ключавых азначэннях і механізмах распаўсюджвання дэзінфармацыі. Тут вы знойдзеце прыклады рэагавання і спасылкі на знешнія рэсурсы, на якіх можна знайсці больш інфармацыі.
Гасцявы кантэнт. Процідзеянне дэзінфармацыі патрабуе ўсеагульнай падтрымкі — ні адзін асобны інстытут або арганізацыя не здольныя справіцца з гэтай задачай самастойна. У гэтым працэсе ўдзельнічае мноства фактчэкераў, журналістаў, аналітыкаў даных, даследчых цэнтраў і актывістаў, чыя работа дапамагае ліквідаваць пагрозу і крок за крокам умацоўвае ўстойлівасць нашага грамадства. Гасцявы кантэнт EUvsDisinfo змяшчае некаторыя прыклады вынікаў гэтай важнай работы: ад артыкулаў украінскага даследчыка, які вывучае, як Расія адаптуе тактыку маніпулявання інфармацыяй для вядзення сваёй жорсткай вайны, да матэрыялаў міжнароднага даследчага цэнтра, які аналізуе, як Камуністычная партыя Кітая выкарыстоўвае маніпуляванне інфармацыяй для фарміравання міжнароднага ўяўлення аб палітыцы Пекіна ў Сіньцзяне.
Акрамя таго, на партале вы зможаце знайсці спецыяльныя тэматычныя раздзелы, у якіх мы разглядаем такія пытанні, як умяшанне ў выбары, або аналізуем дэзінфармацыю, накіраваную менавіта супраць ініцыятывы «Усходняе партнёрства», дэмакратычных сіл у Беларусі і ва Украіне, і іншыя тэмы.
Даследаванні і справаздачы — гэта ўнікальная калекцыя матэрыялаў, якая ахоплівае шырокі спектр іншых даследаванняў, артыкулаў і справаздач, што тычацца пракрамлёўскай дэзінфармацыі. Калі вы хочаце атрымаць агульнае ўяўленне аб нейкім пытанні, даведацца пра спробы Крамля ўмяшацца ў выбары або даследаваць, як адно лжывае паведамленне распаўсюджваецца з дапамогай шырокай сеткі вэб-сайтаў, пачынайце пошук менавіта з гэтага раздзела.
Эвалюцыя пагроз і ўдасканаленне рэагавання
Ландшафт пагроз, якія зыходзяць ад дэзінфармацыі, пастаянна мяняецца. Таму, калі мы жадаем заставацца на крок наперадзе, наша разуменне гэтых пагроз і метады рэагавання на іх павінны быць гібкімі.
Кітай — яшчэ адзін суб’ект дэзінфармацыі
Відавочна, што Расія — не адзіны замежны суб’ект, які выкарыстоўвае дэзінфармацыю і маніпулюе ёй з (геа)палітычнымі мэтамі.
У Сумеснай заяве пра процідзеянне дэзінфармацыі ў дачыненні да Covid-19, апублікаванай у чэрвені 2020 года ў разгар інфадэміі, ЕС ясна заявіў:
пэўныя трэція краіны, у прыватнасці Расія і Кітай, удзельнічалі ў мэтанакіраваных аперацыях па аказанні ўплыву і кампаніях па дэзінфармацыі ў дачыненні да COVID-19 на тэрыторыі ЕС, яго суседзяў і іншых краін свету з мэтай зрыву дэмакратычных дэбатаў і ўзмацнення сацыяльнай палярызацыі, а таксама паляпшэння свайго ўласнага іміджу ў кантэксце барацьбы з COVID-19.
Кітай стаў суб’ектам маніпулявання інфармацыяй і распаўсюджвання дэзінфармацыі, які валодае вялікім арсеналам разнастайных тактык, хоць яго метады і адрозніваюцца ад метадаў Расіі. Тым не менш, EUvsDisinfo адзначае наяўнасць агульных элементаў у наратывах пракрамлёўскай і кітайскай дэзінфармацыйных сетак.
Кітайскія дзяржаўныя СМІ і афіцыйныя акаўнты ў сацыяльных сетках распаўсюджваюць шэраг пракрамлёўскіх тэорый змовы. Сярод іх — тэорыя пра «сакрэтныя лабараторыі, якія фінансуюцца ЗША» і нібыта акружаюць Расію і дзе нібыта вырабляюць біялагічную зброю. Гэта стары пракрамлёўскі дэзінфармацыйны наратыў, які ажывілі падчас пандэміі і якога Крэмль не цураецца і сёння ў спробе ў чарговы раз апраўдаць сваё ўварванне ва Украіну. Вайна Расіі ва Украіне стала яшчэ адным доказам збліжэння Расіі і Кітая ў інфармацыйным асяроддзі, калі пэўныя галасы ў Кітаі таксама ўзмацнілі свае дэзінфармацыйныя наратывы, выяўляючы Украіну як «нацысцкую» дзяржаву.
Пракрамлёўская экасістэма маніпулявання інфармацыяй таксама ахвотна падтрымала заявы Кітая, якія здымаюць з Расіі любую адказнасць за агрэсію супраць Украіны, і падобныя працэсы мы назіраем з першых дзён вайны.
Гэтыя і іншыя прыклады сумесных дэзінфармацыйных кампаній Расіі і Кітая разглядаюцца ў спецыяльным раздзеле пра Кітай на сайце EUvsDisinfo (некаторыя артыкулы EUvsDisinfo таксама даступныя на кітайскай мове).
Новая тэрміналогія і акцэнт на даных
Ужо шмат было сказана і напісана пра інтэрнэт-троляў (а існуюць цэлыя іх фабрыкі!) і ботаў, якія ўзмацняюць і распаўсюджваюць дэзінфармацыю. Хтосьці можа сказаць, што за столькі гадоў мы маглі б навучыцца больш эфектыўна іх выяўляць або прынамсі больш даведацца пра іх. Аднак у нашы дні таксама варта ўлічваць рызыкі, звязаныя з генератыўным ШІ і іншымі падобнымі тэхналогіямі, у тым ліку магчымасць звышхуткага распаўсюджвання дэзінфармацыі.
Відавочна, што падман і маніпуляцыі не абмяжоўваюцца лжывай інфармацыяй або хлуслівым кантэнтам. Частата паўтарэння дэзінфармацыйных паведамленняў можа быць страшэнна высокай. Маніпулятыўныя паводзіны, у прыватнасці ў Інтэрнэце, становяцца ўсё больш распаўсюджанымі. Таму нам трэба звяртаць увагу не толькі на лжывы і непраўдзівы кантэнт, але і на паводзіны суб’ектаў дэзінфармацыі.
Ход нашай работы шмат у чым залежыць ад выбранай тэрміналогіі і падыходаў. Менавіта таму мы ўсё часцей разглядаем дэзінфармацыю як частку больш шырокай маніпулятыўнай дзейнасці — замежнага ўмяшання і маніпулявання інфармацыяй, або FIMI.
Замежнае ўмяшанне і маніпуляванне інфармацыяй — гэта мадэль маніпулятыўных паводзін у інфармацыйнай сферы, якая ставіць пад пагрозу каштоўнасці, працэдуры і палітычныя працэсы. Такая дзейнасць мае маніпулятыўны (хоць звычайна і не процізаконны) характар, вядзецца мэтанакіравана і скаардынавана, часта ва ўзаемасувязі з іншымі відамі гібрыднай дзейнасці. Яна можа ажыццяўляцца дзяржаўнымі ці недзяржаўнымі суб’ектамі і іх даверанымі асобамі.
Разглядаючы дэзінфармацыю, а дакладней маніпуляванне інфармацыяй, з пункту гледжання паводзін яе суб’ектаў ці таго, як дэзінфармацыя ствараецца, распаўсюджваецца і ўзмацняецца, мы атрымліваем доступ да новых метадаў ранняга выяўлення і аналізу. Гэта пашырае нашае разуменне таго, як працуе дэзінфармацыя. Напрыклад, такі падыход дазволіў выявіць, што нядаўняя пракрамлёўская дэзінфармацыйная хлусня пра тое, што «ўкраінскія нацыяналісты» нібыта падпалілі расійскую праваслаўную царкву, была створана з выкарыстаннем старога відэа, а затым распаўсюджвалася ў сацыяльных сетках (Telegram) у выдуманым кантэксце. Пазней гэты сюжэт быў паказаны на беларускіх і расійскіх дзяржаўных тэлеканалах. Таксама такая стратэгія дапамагла прадэманстраваць, як пасля ўварвання Расіі ва Украіну афіцыйныя расійскія дыпламатычныя акаўнты ў Twitter сталі неад’емнай часткай пракрамлёўскай дэзінфармацыйнай сеткі.
Гэтую і падобную інфармацыю дае спецыяльны аддзел апрацоўкі даных ЕСЗС, які спецыялізуецца на выяўленні маніпулятыўных тактык і метадаў распаўсюджвання дэзінфармацыі. Высновы гэтага аддзела дазваляюць сфарміраваць больш поўную і дакладную карціну дэзінфармацыйнага ландшафту і больш эфектыўна рэагаваць на падобныя пагрозы. Яны таксама расказваюць пра работу EUvsDisinfo і адлюстроўваюцца ў нашых прадуктах, у прыватнасці ў штотыднёвым Аглядзе дэзінфармацыі.
Вы можаце больш даведацца пра наш падыход і аспекты дзейнасці суб’ектаў дэзінфармацыі, прачытаўшы першую справаздачу ЕСЗС пра пагрозы замежнага ўмяшання і маніпулявання інфармацыяй (FIMI).
Агульная карціна
Пасля свайго стварэння ў 2015 годзе вэб-сайт EUvsDisinfo стаў адным з першых адказаў ЕС на распаўсюджванне дэзінфармацыі і замежнае ўмяшанне і маніпуляванне інфармацыяй. Цяпер сітуацыя іншая: Аператыўная рабочая група ЕСЗС па стратэгічных камунікацыях і аналізе інфармацыйнай прасторы, у склад якой уваходзіць EUvsDisinfo, расла і развівалася на працягу многіх гадоў, і сёння яна дапамагае ЕС вырашаць шматлікія праблемы, звязаныя з замежным умяшаннем і маніпуляваннем інфармацыяй (FIMI), як у суседніх краінах, так і ва ўсім свеце. Акрамя Аператыўнай працоўнай групы па стратэгічных камунікацыях (East Stratcom Task Force), падраздзяленне ўключае мэтавыя рабочыя групы, якія спецыялізуюцца на Заходніх Балканах, краінах Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, а таксама спецыяльны аддзел па аналізе даных і групу, адказную за палітычныя, стратэгічныя і глабальныя прыярытэты, у склад якой уваходзяць эксперты па барацьбе з замежным умяшаннем і маніпуляваннем інфармацыяй (FIMI) у дачыненні да ўлад Кітая.
Важна адзначыць, што процідзеянне замежнаму ўмяшанню і маніпуляванню інфармацыяй, уключаючы распаўсюджванне дэзінфармацыі, займае важнае месца ў палітычнай павестцы ЕС. Шматлікія палітычныя дакументы, такія як План дзеянняў у галіне еўрапейскай дэмакратыі (2020 г.), пацвярджаюць і ўзмацняюць абавязацельствы і намаганні ЕС па процідзеянні замежнаму ўмяшанню і маніпуляванню інфармацыяй, умацоўваючы такім чынам бяспеку ЕС, асабліва ў сферы барацьбы з гібрыднымі пагрозамі.
Сярод палітычных дакументаў ЕС варта адзначыць Стратэгічны компас (2022 г.), а таксама Высновы Еўрапейскай Рады (чэрвень 2022 г.), якія змяшчаюць дакладныя абавязацельствы ад імя ЕС па распрацоўцы інструментарыя для процідзеяння замежнаму ўмяшанню і маніпуляванню інфармацыяй. Іншымі словамі, ЕС імкнецца і надалей удасканальваць і ўжываць інструменты, якія б перашкаджалі і процідзейнічалі замежнаму ўмяшанню і маніпуляванню інфармацыяй (FIMI), уключаючы распаўсюджванне дэзінфармацыі. Якія ж інструменты мае ЕС?
У цэлым інструменты ЕС для процідзеяння замежнаму ўмяшанню і маніпуляванню інфармацыяй (FIMI) дзеляцца на чатыры шчыльна звязаныя катэгорыі, якія ўзмацняюць адна адну.

Ілюстрацыя інструментарыя ЕС для процідзеяння замежнаму ўмяшанню і маніпуляванню інфармацыяй (FIMI)
| Дыпламатычныя метады | Сітуацыйная дасведчанасць |
| Перашкаджэнне і рэгуляванне | Развіццё ўстойлівасці |
Першая катэгорыя — сітуацыйная дасведчанасць, якая забяспечвае комплекснае разуменне пагроз, іх суб’ектаў і спосабу дзеяння. Ключавым кампанентам тут з’яўляецца абмен інфармацыяй паміж інстытутамі ЕС, краінамі-членамі ЕС, грамадзянскай супольнасцю, даследчыкамі і міжнароднымі партнёрамі. Менавіта таму ЕСЗС працуе над стварэннем Цэнтра па абмене і аналізе даных у дачыненні да замежнага ўмяшання і маніпулявання інфармацыяй (FIMI), а таксама выкарыстоўвае іншыя, ужо існуючыя каналы, напрыклад Сістэму ранняга апавяшчэння.
Развіццё ўстойлівасці — яшчэ адзін важны напрамак намаганняў ЕС у кантэксце процідзеяння замежнаму ўмяшанню і маніпуляванню інфармацыяй (FIMI), асабліва ў доўгатэрміновай перспектыве. Сюды ўваходзяць такія захады, як навучанне лічбавай і медыяпісьменнасці, падтрымка незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці, а таксама стратэгічныя камунікацыі і павышэнне дасведчанасці. Пад гэтую катэгорыю падпадае значная частка дзейнасці EUvsDisinfo!
Перашкаджэнне і рэгуляванне адыгрываюць важную ролю ў мабілізацыі прыватнага сектара, напрыклад кампаній, якія валодаюць сацыяльнымі сеткамі, каб яны бралі на сябе адказнасць і гарантавалі, што іх платформамі не будуць злоўжываць з мэтай ажыццяўлення дзейнасці, звязанай з замежным умяшаннем і маніпуляваннем інфармацыяй (FIMI). Важнай вяхой у гэтым дачыненні з’яўляецца Закон ЕС аб лічбавых паслугах (DSA), паколькі ў ім замацаваныя ясныя юрыдычныя абавязацельствы для анлайн-платформ і сацыяльных сетак з мэтай прадухілення злоўжывання іх сістэмамі, уключаючы мінімізацыю рызык распаўсюджвання дэзінфармацыі або ўмяшання ў працэс выбараў. Гэта першы ў свеце нарматыўны акт такога кшталту.
Нарэшце, ЕС таксама мае дыпламатычныя метады процідзеяння замежнаму ўмяшанню і маніпуляванню інфармацыяй (FIMI), і поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну толькі падкрэсліла важнасць такіх інструментаў — санкцый, публічных заяў, дэмаршаў і г. д. Пасля пачатку ўварвання краіны-члены ЕС хутка і аднагалосна прынялі санкцыі супраць крамлёўскай зброі падману: Sputnik і RT — а пазней і супраць іншых расійскіх дзяржаўных СМІ: «РТР Планета», «Россия 24», «Россия 1», «ТВ Центр Международный», «НТВ» і «НТВ Мир», «РЕН ТВ», «Первый канал» (усе яны ёсць у базе даных EUvsDisinfo).
Трансляцыя гэтых каналаў у ЕС была тэрмінова прыпынена. Яна не будзе адноўлена, пакуль Крэмль не спыніць сваю агрэсію супраць Украіны, а Расія не спыніць сваю дзейнасць па распаўсюджванні дэзінфармацыі і маніпуляванні інфармацыяй супраць ЕС і яго краін-членаў. Таксама ЕС увёў абмежавальныя захады ў дачыненні да некалькіх дзясяткаў чалавек, якія шляхам распаўсюджвання дэзінфармацыі падтрымліваюць дзеянні і палітыку Расіі, што падрываюць тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны. Гэта выключныя, мэтанакіраваныя і часовыя захады, прынятыя ў вельмі спецыфічным, беспрэцэдэнтным кантэксце — у перыяд ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.
***
Такая разнастайнасць інструментаў для процідзеяння замежнаму ўмяшанню і маніпуляванню інфармацыяй у арсенале ЕС пацвярджае просты факт: для ліквідацыі гэтай пагрозы, якая пастаянна расце, неабходны комплексны падыход з удзелам урадаў, прыватнага бізнесу і грамадства. Ніхто не здольны вырашыць гэтую задачу самастойна.
Павышэнне дасведчанасці — важны элемент агульнай карціны, і EUvsDisinfo нязменна захоўвае сваю прыхільнасць да гэтай місіі. У 2022 годзе, калі Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, больш за 2,7 мільёна чалавек наведалі сайт EUvsDisinfo. Яшчэ мільёны (а дакладней, каля 19 мільёнаў) далучыліся да нас у сацыяльных сетках, у тым ліку Facebook, Twitter, LinkedIn і Youtube. Ці ўвойдзеце вы сёлета ў іх лік?
Глядзі таксама:
Пытанні і адказы пра Аператыўную рабочую групу па стратэгічных камунікацыях
[1] Аператыўная рабочая група па стратэгічных камунікацыях (East Stratcom Task Force) адказвае за некалькі напрамкаў дзейнасці, у тым ліку за ўдасканаленне ўласных камунікацый ЕС і незалежных СМІ на тэрыторыі краін-суседак ЕС з асаблівым акцэнтам на краінах-удзельніцах ініцыятывы «Усходняе партнёрства». Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці ў раздзеле «Агульная карціна».