Так званыя «прэзідэнцкія выбары» Лукашэнкі ў Беларусі
Сёмы тэрмін Лукашэнкі
70-гадовы беларускі аўтакрат, які кіруе ў Мінску з 1994 года, рыхтуецца да каранацыі на яшчэ адзін пяцігадовы тэрмін, які павялічыць яго агульны час знаходжання ва ўладзе да 35 гадоў.
Пасля фальсіфікацыі вынікаў выбараў у жніўні 2020 года Лукашэнка захаваў сваю ўладу дзякуючы двум фактарам: жорсткаму падаўленню прадэмакратычных пратэстаў у краіне, а таксама палітычнай і эканамічнай падтрымцы з боку Расіі.
Каб не дапусціць маштабных хваляванняў накшталт тых, што адбыліся ў 2020 годзе, Лукашэнка імкнецца вынішчыць грамадзянскую супольнасць у Беларусі, распускае ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі і запалохвае беларускае грамадства, пастаянна парушаючы асноўныя правы і свабоды чалавека.
Мы апісвалі трывожныя падзеі ў Беларусі ў нашых папярэдніх артыкулах тут, тут і тут. На гэты раз працэдура перапрызначэння Лукашэнкі, афіцыйна названая «прэзідэнцкімі выбарамі» і прызначаная на 26 студзеня 2025 года, выглядае яшчэ больш абсурднай, чым калі-небудзь раней. Замест рэальных альтэрнатыўных кандыдатаў у выбарах удзельнічаюць толькі чатыры намінальныя, якія не крытыкуюць палітыку Лукашэнкі, а нападаюць на палітычных апанентаў рэжыму.
У «палітычнай праграме» Лукашэнкі ўсхваляюцца дасягненні ягонага 30-гадовага кіравання, крытыкуюцца заходнія санкцыі і НАТА і сцвярджаецца, што «ўвесь свет вакол ахоплены агнём», таму ён абяцае аддаць прыярытэт адносінам з Расіяй, а таксама аднавіць дыялог з Захадам.
Тэатральная агітацыя: 7 секунд…
Нягледзячы на трагікамічны статус так званых «альтэрнатыўных» кандыдатаў, дзяржаўныя СМІ Беларусі з усіх сіл імкнуцца не ўзгадваць іх імёны і перадвыбарчую праграму падчас выбарчай кампаніі. Рэжым Лукашэнкі не хоча прыцягваць нават найменшую цікавасць грамадства да «выбараў» і робіць усё магчымае, каб зрабіць выбарчую кампанію падзеяй, ледзь прыкметнай для грамадскасці.
Адзіная вельмі кароткая згадка на дзяржаўным тэлебачанні пра існаванне хоць якіх-небудзь «альтэрнатыўных кандыдатаў», заняла ўсяго 7 секунд. Гэта была інфармацыя пра тое, што кандыдаты маюць магчымасць выступіць з кароткімі агітацыйнымі прамовамі на грамадскім тэлебачанні. У наступным рэпартажы гаварылася пра дзяржаўныя стыпендыі, якія Лукашэнка прызначыў групе таленавітай моладзі, і даваўся разбор ягоных выступаў.
…і яшчэ 3 секунды
Аналагічным чынам аўтары рэпартажу іншага дзяржаўнага тэлеканала, прысвечанага «выбарам» або, як іх назвалі, «галоўнай палітычнай падзеі года», палічылі за лепшае засяродзіцца на храналогіі «выбараў». Дыктар запэўніваў, што ўсё ідзе па графіку, і сітуацыя застаецца «роўнай і спакойнай». Тры секунды эфірнага часу далі вельмі ўважлівым гледачам намёк на з’яўленне ў бюлетэні і іншых імён, акрамя Лукашэнкі.
Тры секунды — менавіта столькі дэманстраваўся па тэлевізары стэнд з лістоўкамі пяці кандыдатаў, размешчаны на адным з выбарчых участкаў. У астатняй частцы нічога не згадвалася пра колькасць намінальных кандыдатаў у прэзідэнты, не гаворачы ўжо пра іх імёны.
Значна больш часу ў рэпартажы было нададзена дырэктару школы, у якой знаходзіўся выбарчы ўчастак. У стылі «дзякуй, Вялікі Кіраўнік!» дырэктар падрабязна расказала пра тое, як добра быў адрамантаваны будынак школы, і запэўніла гледачоў, што новыя дываны і асвятленне «сапраўды створаць святочны, пазітыўны настрой у выбаршчыкаў».
Уся ўвага Лукашэнку
У той час як дзяржаўныя СМІ вельмі неахвотна згадваюць нават імёны «альтэрнатыўных» кандыдатаў, Лукашэнка нязменна дамінуе ў штодзённых рэпартажах на ўсіх дзяржаўных платформах. Ягоныя візіты ў Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Расію, здзейсненыя ў снежні 2024 года, шырока асвятляліся дзяржаўнымі СМІ, якія з усіх сіл імкнуліся паказаць Лукашэнку ў добрай фізічнай форме. Сярод іншага, яны сцвярджалі, што Лукашэнка насек вялікую кучу дроў перад самітам ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу. У папярэднія гады беларускім гледачам паказвалі, як Лукашэнка гуляе ў хакей, але зараз гэта здаецца занадта рызыкоўным заняткам для 70-гадовага чалавека.
Іншыя прапагандысцкія праграмы пайшлі яшчэ далей, сцвярджаючы, што выбары насамрэч з’яўляюцца перашкодай для вялікага кіраўніка, які «засяроджаны толькі на сваёй працы» і «клапоціцца больш пра дабро краіны, калі знаходзіцца ў [замежных] паездках, чым пра сваё электаральнае эга».
Прытворная легітымнасць
Вядома, Лукашэнка будзе абвешчаны пераможцам пасля 26 студзеня, але за ўсім гэтым пазёрствам крыецца дылема. Рэжым хоча дабіцца максімальнай яўкі беларусаў на выбарчыя ўчасткі, каб заявіць аб сваёй легітымнасці, але ў той жа час зрабіць падзею непрыкметнай, каб прадухіліць любыя, нават самыя нязначныя выклікі Лукашэнку.
У межах пралукашэнкаўскай кампаніі дзяржаўныя СМІ ўвесь час паведамлялі пра так званы «Марафон адзінства» — серыю культурна-прапагандысцкіх мерапрыемстваў, якія былі арганізаваны па ўсёй краіне з кастрычніка 2024 па студзень 2025 года.
Блізкая паплечніца Лукашэнкі Наталля Качанава назвала мерапрыемствы, якія праходзілі ў межах «Марафону адзінства», «падарункам беларускаму народу ад кіраўніка дзяржавы». Гэтыя мерапрыемствы ўключалі ток-шоў з дзяржаўнымі прапагандыстамі і вялікія плакаты, якія ўсхвалялі вынікі 30-гадовага кіравання Лукашэнкі.
У рэпартажах дзяржаўнага тэлебачання нязменна сцвярджалася, што мерапрыемствы ў межах «Марафону адзінства» карысталіся вялікай папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў, аднак на кадрах, апублікаваных дзяржаўнымі тэлеканаламі, колькасць гледачоў была даволі абмежаванай.
Кім з’яўляюцца «міжнародныя назіральнікі»?
Выбраныя марыянетачныя «міжнародныя назіральнікі» будуць такімі ж недарэчнымі, як «выбары» і матэрыялы дзяржаўных СМІ.
АБСЕ атрымала запрашэнне ўсяго за 10 дзён да 26 студзеня, што зрабіла немагчымым запуск адпаведнай місіі для назірання за выбарамі. 9 студзеня Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека і Парламенцкая асамблея АБСЕ публічна заявілі, што Беларусь не запрасіла краіны-ўдзельніцы АБСЕ для назірання за ходам выбараў. У заяве АБСЕ выказвалася шкадаванне ў сувязі з тым, што адсутнасць назіральнікаў перашкодзіць справядлівай і незалежнай ацэнцы выбарчага працэсу. Больш за 20 гадоў місіі назіральнікаў АБСЕ канстатавалі, што ніводныя прэзідэнцкія, парламенцкія і мясцовыя выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам. АБСЕ пацвердзіла сваю заяву ад 9 студзеня.
У адной з прапагандысцкіх праграм на беларускім дзяржаўным тэлебачанні прагучалі вельмі недвухсэнсоўныя выказванні: «Шукаеце ўсялякі пыл і бруд? Але як звычайна бывае, бруд у нашу чыстую і вымытую хату заходнія назіральнікі прыносяць на сваіх чаравіках». Аднак некаторыя іншыя дзяржаўныя каналы, здаецца, падманвалі гледачоў, прымушаючы іх верыць, што будуць прысутнічаць вядомыя міжнародныя назіральнікі.
На наступны дзень пасля публікацыі заявы АБСЕ ў рэпартажы на адным з дзяржаўных тэлеканалаў пра гэта не згадвалася, а было сказана: «Чакаем з-за мяжы і назіральнікаў, здольных даць аб’ектыўную ацэнку [выбарчаму працэсу]. Упершыню для іншаземцаў на англійскую мову пераклалі наш Выбарчы кодэкс». У тым жа рэпартажы сцвярджалася, што на той момант у Беларусі былі акрэдытаваны 362 міжнародныя назіральнікі з 40 краін. Верагодней за ўсё, гаворка ішла аб асобах, запрошаных у прыватным парадку, уключаючы некаторых прыхільнікаў Лукашэнкі з краін ЕС, а таксама асоб, якія ўваходзяць у місію назіральнікаў ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) — арганізацыі, якая складаецца з дзевяці постсавецкіх дзяржаў, мае адміністрацыйныя цэнтры ў Маскве і Мінску і кіруецца Расіяй.
Найміты для імітацыі
Леанід Анфімаў, старшыня місіі назіральнікаў ад СНД, пахваліў гатоўнасць Беларусі ажыццяўляць выбарчыя працэсы «ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і стандартамі дэмакратычных выбараў». Да таго, як стаць службовай асобай СНД у 2021 годзе, Анфімаў падпарадкоўваўся Лукашэнку і на працягу многіх гадоў узначальваў вышэйшы орган фінансавага кантролю Беларусі — Камітэт дзяржаўнага кантролю. Менавіта гэты орган у чэрвені 2020 года затрымаў Віктара Бабарыку, аднаго з ключавых кандыдатаў у прэзідэнты ў 2020 годзе, па дарозе ў Цэнтральную выбарчую камісію. Пазней Бабарыка быў прысуджаны да 14 гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываваных абвінавачаннях і дагэтуль застаецца за кратамі.
Лідзія Ярмошына, якая на працягу 25 гадоў была кіраўніком Цэнтральнай выбарчай камісіі, і шэраг іншых прапагандыстаў таксама вельмі актыўна прасоўваюць Лукашэнку.
Задача Лукашэнкі на выбарах — схаваць злачынствы
Нягледзячы на працяглыя шырокамаштабныя рэпрэсіі, рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму імкнецца пазбягаць любых нечаканых падзей. У рэпартажах дзяржаўных СМІ пра выбары асноўная ўвага надаецца так званай «выбарчай бяспецы» і згадваюцца некаторыя канкрэтныя праблемы. Адной з іх з’яўляюцца «дэструктыўныя спробы з-за мяжы» прасоўваць ідэю байкоту выбараў. Іншая праблема — не дапусціць абнародавання імёнаў членаў выбарчых камісій, каб абараніць іх ад «агрэсіўнага ўплыву», як сцвярджаў кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка.
Рэжым Лукашэнкі таксама забараніў фатаграфаваць і здымаць на відэа запоўненыя бюлетэні, каб не дапусціць выкарыстання такой жа эфектыўнай сістэмы праверкі фальсіфікацый, якую дэмакратычныя сілы Беларусі паспяхова выкарысталі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Як гаварылася ў рэпартажы дзяржаўнага тэлебачання, фатаграфія запоўненага бюлетэня «не нясе ніякай сэнсавай інфармацыі, а вось для збеглых экстрэмістаў — нагода падняць шуміху».
Акрамя таго, не было адкрыта ніводнага выбарчага ўчастка за мяжой, каб перашкодзіць шматлікай беларускай дыяспары прыняць удзел у «выбарах». Як сцвярджаў адзін з прапагандыстаў: «Сёння за мяжой на нашых грамадзян аказваюць беспрэцэдэнтны ціск. Часта спрабуюць маніпуляваць іх настроямі, не заўсёды яны могуць у поўнай меры кіравацца ўласнымі інтарэсамі і інтарэсамі сваёй краіны».
Па выніках гэтых так званых прэзідэнцкіх выбарах, якія нязграбна асвятляюцца дзяржаўнымі платформамі і адсочваюцца недарэчнымі «міжнароднымі назіральнікамі», Лукашэнка гарантавана выйдзе «трыумфатарам».