Лукашэнка замацаваў дыктатуру ў Беларусі: са жніўня 2020 года мінулі чатыры гады
Чатыры гады прайшлі пасля фальсіфікаваных выбараў 09 жніўня 2020 года. Звычайных людзей прылічваюць да здраднікаў і экстрэмістаў, а тым часам Масква ўсё больш пазбаўляе Беларусь суверэнітэту.
Нязначныя прыкметы, без істотных змен
За апошнія пару тыдняў з Мінску былі атрыманы нязначныя станоўчыя сігналы, але яны ў асноўным касметычныя. З дзясятак беларускіх палітычных зняволеных вызвалілі па амністыі, пяць грамадзян Украіны і аднаго грамадзяніна Германіі, якія знаходзіліся ў турмах, абмянялі. Беларусь увяла бязвізавы рэжым для грамадзян ЕС, і дзяржаўная прапаганда аб’явіла гэта беспрэцэдэнтным знакам прыязнасці і «адкрытасці» краіны. Тым часам некаторыя краіны-ўдзельніцы ЕС раяць устрымацца ад падарожжа ў Беларусь з-за вялікай рызыкі сфабрыкаванага крымінальнага пераследу беларускімі уладамі. Напружанне на беларуска-ўкраінскай мяжы крыху зменшылася, бо беларускі бок публічна аб’явіў аб адыходзе значных ваенных фарміраванняў з гэтай тэрыторыі. У выніку вялікага міжнароднага абмену зняволенымі / закладнікамі 01 жніўня на радзіму быў вернуты грамадзянін Германіі Рыка Крыгер (Rico Krieger). Нядаўна ў Беларусі яго асудзілі на смяротную кару за «тэрарызм» і «наёмную службу» па дзіўнай і неадназначнай крымінальнай справе. Але, як падаецца, было б больш слушна сказаць, што рэжым Лукашэнкі ўзяў яго ў закладнікі.
Аднак агульны фон у Беларусі, на якім адбываюцца гэтыя падзеі, дагэтуль застаецца вельмі негатыўным. Каля 1400 чалавек, прызнаныя палітычнымі зняволенымі, у тым ліку нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, працягваюць адбываць зняволенне, часта ў выключна цяжкіх і нечалавечых умовах. Многія вядомыя палітычныя зняволеныя ужо больш за год пазбаўлены перапіскі і зносін з роднымі.
Са стратэгічнага пункту гледжання беларуска-ўкраінскія адносіны за апошні час не палепшыліся, улічваючы тое, што палітычнае і ваеннае партнёрства паміж Расіяй і рэжымам Лукашэнкі па-ранейшаму існуе, і, здаецца, іх супрацоўніцтва і каардынацыя толькі пашыраюцца.
Што тычыцца ўнутраных спраў, то назіральнікі не адзначаюць ніякага паляпшэння абыходжання з палітычнымі апанентамі або змен у рыторыцы. Палітычных апанентаў працягваюць называць «здраднікамі», затрыманых вымушаюць запісваць «пакаянныя» відэа, а спіс «экстрэмістаў», у які ўключаюць асоб і арганізацыі, працягвае пашырацца з той жа хуткасцю, што і год ці два таму.
У ліпені беларуская дзяржаўная прапаганда святкавала 30-годдзе прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Святкаванне нагадвала савецкі час: прагучала прапанова абвясціць дыктатара Героем Беларусі, і гэта было вельмі падобна да абвяшчэння Іосіфа Сталіна бацькам савецкага народа. У апошні час усё больш і больш прыкмет дазваляюць думаць, што Лукашэнка рыхтуецца да ўдзелу ў прэзідэнцкіх «выбарах» 2025 года. Здаецца, што рэжым рашуча настроены запалохаць і задушыць магчымыя пратэсты сваімі бягучымі дзеяннямі.
Стрымліванне апазіцыі — прызнанні пад прымусам і паляванне на здраднікаў
Да 2020 года ўсё таксама было вельмі далёка ад ідэала. Дзяржаўная ўлада выкарыстоўвала аўтарытарныя рэпрэсіі. Аднак за чатыры гады, са жніўня 2020 г., унутрыпалітычнае асяроддзе стала нашмат больш складаным. Вялізныя дэманстрацыі, у якіх прынялі ўдзел сотні тысяч звычайных беларусаў, каб выступіць супраць скрадзеных выбараў улетку 2020 года, сапраўды напужалі Лукашэнку. Толькі ўспомніце здымкі страціўшага надзею Лукашэнку, які бегаў туды-сюды з асабістым аўтаматам і ўвесь час садзіўся і вылазіў з верталёта ў розных месцах Мінска. Адказ Лукашэнкі стаў яшчэ больш жорсткім, чым рэпрэсіі, аб якіх было вядома дагэтуль.
Пасля 2020 года беларускія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ладзілі кампаніі па запалохванні і дэмаралізацыі дысідэнтаў і актывістаў. СМІ выкарыстоўваюць шмат таксічнай і зневажальнай рыторыкі, якую мы разгледзелі больш падрабязна тут і тут.
Інтэрв’ю пад прымусам і пакаянныя відэа
Інтэрв’ю пад прымусам і «пакаянныя» відэа сталі элементам, а часта і ўмовай прабачэння і вызвалення. Звычайнаму чалавеку можа здавацца, што ўдзельнікі апазіцыі ператварыліся ў сапраўдных прыхільнікаў рэжыму. Сярод іх ахвяр быў блогер Раман Пратасевіч, якога затрымалі 23 траўня 2021 г. пасля вымушанай пасадкі ў мінскім аэрапорце рэйса RyanAir Афіны – Вільнюс. Беларускі рэжым спрабаваў прасоўваць вымушанае прызнанне Пратасевіча з дапамогай платнай рэкламы на YouTube. У 2023 годзе нават маці Рамана Пратасевіча, Наталлю выкарысталі ў дзяржаўнай прапагандысцкай кампаніі, якая была нацэлена на беларусаў за мяжой і заклікала іх вяртацца ў Беларусь. Седзячы на лаўцы ва ўтульным парку побач з сынам, Наталля казала, што сумуе па родных, і называла Беларусь свабоднай краінай.
Адзін з апошніх выпадкаў «пакаяння» — відэа, выпушчанае ў Telegram-канале, падкантрольным рэжыму. Жанчыну, якая належыць да беларускай дыяспары ў ЗША, прымусілі сказаць, што яна была адміністратарам уліковага запісу дыяспары ў сацыяльнай сетцы і заклікала людзей «фінансаваць тэрарызм». Мы не хочам садзейнічаць прасоўванню такіх відэа, таму не даём спасылку на яго.
У гэтым дачыненні таксама вельмі паказальны выпадак з Рыка Крыгерам (Rico Krieger). У ліпені беларускае дзяржаўнае тэлебачанне выпусціла пастановачнае інтэрв’ю з Крыгерам, у якім ён заклікаў нямецкія ўлады дапамагчы яму, «пакуль яшчэ не позна». Беларуская дзяржаўная прапаганда падкрэслівала, што Лукашэнка — адзіны чалавек у свеце, хто можа выратаваць жыццё Крыгера. Праз некалькі дзён пасля пастановачнага інтэрв’ю ён на самой справе памілаваў Крыгера.
Ад палітычнага апанента да «здрадніка», «экстрэміста» ці «тэрарыста»
У Беларусі пасля 2020 года другое жыццё атрымала савецкая традыцыя паказваць палітычных апанентаў здраднікамі. Зараз судзяць 18-гадовага Станіслава Шапеля. Яму пагражае турэмны тэрмін да 15 год. Пераслед Шапеля пачаўся пасля прапагандысцкай стужкі, дзе паказалі іншыя гісторыі беларускіх падлеткаў, якіх стваральнікі фільма абвінавацілі ў падрыхтоўцы актаў сабатажу і тэрактаў. Як сцвярджаецца, з падлеткам праз інтэрнэт выйшаў на сувязь невядомы і прапанаваў працаўладкаванне ў абмен на запіс відэа ў падтрымку Украіны.
Па стане на люты 2024 года ў Беларусі па артыкуле 356 «Дзяржаўная здрада» абноўленай версіі крымінальнага кодэкса, успадкаванага з савецкіх часоў, асудзілі 45 чалавек. Прыкладна такую ж колькасць людзей па падобных абвінавачваннях асудзілі завочна.
Да «здраднікаў» аднеслі журналістаў, прафсаюзных актывістаў і дзеячаў культуры. Аднаму з дзеячаў культуры Паўлу Белавусу ў 2022 годзе прысудзілі 13 гадоў зняволення. Такі прысуд быў вынесены пасля даклада аб афіцыйным расследаванні, згодна з якім ён нібыта «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх была змена дзяржаўнай улады ў Беларусі». Як мяркуецца, Белавус таксама «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у адносінах да Радзімы».
Ці сапраўды «экстрэмізм» на піку?
Здаецца, Мінск і Масква натхняюць адно аднаго пры пошуку метадаў прыгнечання палітычных дысідэнтаў. Падобныя тэндэнцыі росту колькасці выпадкаў здрады і шпіянажу ў Беларусі і Расіі нікога не здзіўляюць. Актывісты ў вобласці праў чалавека заяўляюць, што Расія часта выкарыстоўвае законы аб барацьбе супраць тэрарызму і экстрэмізму, якія маюць размытыя фармулёўкі і прымяняюцца адвольна, каб задушыць апанентаў унутры краіны. Падобным чынам у спіс тэрарыстаў у Беларусі трапілі каля 450 беларусаў, у тым ліку такія прадэмакратычныя дзеячы, як Святлана Ціханоўская, многія журналісты і нават музыкі. Тое, што ў іншых краінах лічыцца звычайнай палітычнай дзейнасцю і выказваннем уласных перакананняў, у сённяшняй Беларусі лёгка можа быць класіфікавана як тэрарызм.
Неафіцыйны спіс «экстрэмістаў», які вядзе Міністэрства ўнутраных спраў, зараз уключае 4200 чалавек, у тым ліку шмат журналістаў і блогераў. Давайце спынімся на хвіліну і падкрэслім яшчэ раз: 4200. Гэта лічба сапраўды экстрэмальная.
Самаму маладому «экстрэмісту» падчас пратэстаў 2020 года было 16 год, а самаму старому «экстрэмісту», якога асудзілі за «абразу прэзідэнта», зараз 82 гады. Часам дастаткова напісаць негатыўны каментар у інтэрнэце пра дзяржаўных дзеячаў, каб цябе асудзілі па крымінальнай справе і ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў».
У яшчэ адным спісе, спісе «экстрэмісцкіх» арганізацый, больш за 220 пунктаў. У асноўным гэта няўрадавыя арганізацыі, прафсаюзы, групы ў сацыяльных сетках і СМІ, такія як Deutsche Welle і Радыё Свабода. Міністэрства інфармацыі ўключыла ў спіс «экстрэмістаў» тысячы СМІ і акаўнтаў у сацыяльных сетках.
Больш падрабязны храналагічны спіс рэпрэсій супраць беларускіх СМІ і іх супрацоўнікаў можна знайсці тут, тут і тут.
Залежнасць ад Расіі
Цяжкая эканамічная і палітычная залежнасць Беларусі, якая існавала і да 2020 года, цяпер набыла яшчэ больш агідную форму. Павестка СМІ ў Беларусі адразу ж стала такой, як у Расіі, а замах Крамля на аўтаномнасць краіны ў шматлікіх сферах значна пашырыўся, нават на міжнародных форумах. Выказванні беларускіх дыпламатаў у АБСЕ і ААН у дакладнасці супадаюць з выказваннямі расійскіх прадстаўнікоў, і абодва МЗС нядаўна выпусцілі сумесны даклад аб правах чалавека ў свеце.
Папраўкі ў канстытуцыю ад 2022 года скасавалі бяз’ядзерны і нейтральны статус Беларусі. Цяпер краіна стала зручным інструментам для распаўсюджвання пагрозы выкарыстання ядзернай зброі па загадзе Расіі. Беларускія ўзброеныя сілы цесна супрацоўнічаюць з Расіяй. Яны дазваляюць расійскім сілам выкарыстоўваць тэрыторыю, паветраную прастору, тылавую лагістычную падтрымку і медыцынскія ўстановы ў мэтах узброенага нападу на Украіну. Паветраная абарона Беларусі і Расіі ўжо даўно шчыльна інтэграваныя.
Ідэалагічная апрацоўка моладзі
У Беларусі, як і ў Расіі, значна пашырылася ідэалагічная апрацоўка моладзі прасавецкай і прарасійскай прапагандай. Для гэта прадугледжаны патрыятычныя лагеры, абавязковыя спецыяльныя школьныя ўрокі па ідэалогіі, вытворчасць патрыятычных стужак і прымусовы прагляд гэтых стужак, асабліва людзьмі ў дзяржаўных установах. Падрабязней гл. тут і тут.
Ганьбаванне расійскага царызму цяпер лічыцца экстрэмізмам
Рашэнне беларускага суда ад 2023 года аб забароне вершаў беларускага пісьменніка XIX стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча можна разглядаць як увасабленне сучаснага стану суверэнітэту ў Беларусі. Вершы, якія былі напісаны на беларускай мове ў 1860-х гадах і заклікаюць беларускі народ не давяраць царскай Расійскай імперыі, былі забаронены за «экстрэмізм».
Іншая Беларусь, вартая пашаны
9 жніўня — добрая нагода ўзгадаць, што існуе і іншая Беларусь, якая не мае нічога агульнага з рэжымам Лукашэнкі. Смелыя грамадзянскія актывісты, незалежныя журналісты і абаронцы правоў чалавека працягваюць расказваць аб жыцці ў Беларусі і пашыраць яе сувязі з вонкавым светам. Такая Беларусь вартая пашаны.
Гл. запіс у блозе Вярхоўнага прадстаўніка ЕС пад назвай «працягвае выступаць за свабодную і дэмакратычную Беларусь» (на беларускай мове) (на рускай мове) і яго заяву да 4-й гадавіны махлярскіх прэзідэнцкіх выбараў.